Запрашаем на марафон гурткоў Арт-тэрапіі ў Гомелі

Папулярныя сустрэчы цяпер ладзяцца кожны тыдзень.

Арт-тэрапія — сучасны напрамак псіхалогіі, дзе спалучаюцца творчасць і самаадчуванне. Тут наведвальнікі/-цы адпачываюць, малююць, прыслухоўваюцца да сябе, слухаюць музыку і стасуюцца.

Творчая дзейнасць валодае ўнікальнай уласцівасцю: яна выносіць на паверхню паперы ўсё тое, што мы нават не ўяўляем і не ўсведамляем. Такія заняткі — заўсёды нагода паслабіцца: намаляваць мора, горы, адпачынак, улюбёнае месца ці пакой, прыдумаць дызайн кватэры ці сваю жывёлу.

Наведвальніца гуртка Алена дзеліцца:

Мяне вельмі прыемна здзівіў фармат, таму што тут меней размоваў, а болей творчасці. Каардынатарка гуртка Алена Паўлаўна дапамагае спыніць думкі пра справы. Мы разглядаем карткі, удыхаем розныя масла і вырашаем якое з іх падыходзіць да нашага настрою, разважаем як маляванне дапамагае палепшыць настрой на тыдзень. Гэта вельмі цікавы досьвед!

У планах гуртка правесці тэматычныя сустрэчы па тэхніках малявання.

Гурток па Арт-тэрапіі праходзіць кожны аўторак у Цэнтры беларускай мовы (вул. Працоўная, 7а, 2 паверх), пачатак 18.00.