21 лютага свет адзначае Дзень роднай (матчынай) мовы. Гэты дзень быў абвешчаны ЮНЭСКА у 1999 годзе з мэтай заахвочвання моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама для спрыяння ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогах.
Дзень святкавання — 21 лютага быў абраны, бо ў гэты дзень у 1952 загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.
З гэтай нагоды мы хочам параіць вам да чытання 5 цудоўных кніг беларускіх сучаснікаў.
Альгерд Бахарэвіч «Сабакі Эўропы»
Гэты твор будзе інтэлектуальным выклікам для кожнага, хто возьмецца чытаць яго, бо з тэкстам прыйдзецца папрацаваць. Складаецца раман з шасці паўнавартасных гісторый, сюжэты якіх пераказваць бессэнсоўна, бо яны не існуюць паасобку. Безумоўна, іх можна было б раздзяліць на некалькі паўнавартасных кніг, але асаблівасць у тым, што гэтыя тэксты працуюць толькі разам. Спецыяльна для кнігі Бахарэвіч распрацаваў сваю мову, якую назваў balbuta. Далучыцца да яе вывучэння можа кожны: у канцы кнігі змешчаны слоўнік і граматыка, а ў Facebook ёсць цэлая старонка — https://www.facebook.com/Balbuta-254051331770769/ , прысвечаная гэтай мове. З дапамогай урокаў, размешчаных там, вы даволі хутка навучыцеся складаць простыя сказы, а найбольш паспяховыя вучні ўжо перапісваюцца на бальбуце ў сацыяльных сетках. Практыка вам сапраўды спатрэбіцца, бо як у рамане Талстога «Вайна і мір» сустракаюцца цэлыя старонкі па-французску, так у Бахарэвіча гэта цэлыя старонкі бальбуты. Розніца толькі ў тым, што да рамана Талстога ёсць зноскі з перакладам, а ў кнізе Бахарэвіча ўсё ў вашых руках, таму раман яшчэ і інтэрактыўны.

Уладзімір Арлоў «Танцы над горадам»
На думку літаратуразнаўцаў, Уладзімір Арлоў сваім творам аднавіў «містычную традыцыю ў беларускай прозе ХХІ стагоддзя», і гэтая кніга сапраўды прыйдзецца даспадобы аматарам містыкі ў літаратуры. Зборнік складаецца з трох атмасферных аповесцяў, якія могуць пагрузіць чытача ў транс. Напрыклад, героі першай аповесці, ад якой атрымала назву ўся кніга, — самнамбулы, якія ўночы вандруюць па дахах дамоў і танцуюць, а днём вядуць звычайнае чалавечае жыццё.
Віктар Марціновіч «Ноч»
Свет, які апісвае Марціновіч у сваёй кнізе, на першы погляд халодны, брыдкі, зябкі. І вельмі цёмны. Фабула такая: на зямлі раптам перастала свяціць сонца. Мінск пагрузіўся ў вечную ноч і холад з усімі наступствамі. Няма нават кавы і чаю. Народ перабіваецца хто чым. Валюта цяпер — батарэйкі. Усе камунікацыі абарваліся, абмен і гандаль працягваецца хіба з суседнімі раёнамі. А яны сталі раёнамі-дзяржавамі: брацтва Аўтаз, Каралеўства Цэнтр, матрыярхат Зялёны Луг… Такія сабе старажытнагрэчаскія полісы, якія насялілі варвары і кінулі адразу ў Сярэднявечча. Між тым, Марціновіч паўстае ў кнізе песняром горада, ён натхняецца мінскай рэальнасцю і дорыць ёй новыя вобразы. Чаго варты, напрыклад, Мінск як горад з карцін Брэйгеля: Брэйгелевы дрэвы, Брэйгелевы людзі. На фоне ўсёй гэтай фантасмагорыі ідзе жыццё героя. Гэта проста сумленны чалавек і добры хлопец, на месцы якога, як ні старайся абстрагавацца, уяўляеш самога Віктара Марціновіча. Галоўны герой — жыхар Грушаўкі і вялікі аматар чытання — зарабляе тым, што падбірае і пазычае мінчукам кніжкі з хатняй бібліятэкі. Са сканчэннем эры электрычнасці і інтэрнэту ён губляе сувязь з каханай, што перад самым зацямненнем тэлефануе яму з Непала. І аднойчы Кніжнік рашаецца кінуць усё ды разам з любімым сабакам вырушае на пошукі дзяўчыны.
Андрусь Горват «Радзіва «Прудок»»
Андрусь Горват прамяняў жыццё ў сталіцы на глухі палескі куток і вёў адтуль прамыя тэкставыя рэпартажы на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, так званыя выпускі праграмы «радзіва Прудок». Таму свая аўдыторыя, якая складалася з прыхільнікаў у сацсетцы, была ў Горвата яшчэ да выхаду кнігі.
А пасля з’явілася гэтая кніга. Гэта дзённік чалавека, які шукаў свой Космас і знайшоў яго не ў сталіцы, дзе ноччу і зорак не відаць, а менавіта ў вёсцы, дзе ты можаш спаць пад яблыняй, назіраючы за Вялікай Мядзведзіцай. Шчасце, калі ты знаходзіш сваё месца, якое можаш назваць домам. І, як кажа Горват: «Дома — гэта там, дзе ты нармальны».
Андрэй Адамовіч, “Песня пра Цімура”
«Песня пра Цімура» – псіхадэлічная паэма ў прозе і адначасова дынамічны шпіёнскі трылер, які пачынаецца з таго, што ў Варшаву выпраўляецца агент беларускага КДБ капітан Капейкін. Радзіма паставіла перад ім цяжкую задачу – адшукаць загадкавага паэта-камуніста Цімура Хоміча. Для гэтага Паўлу Капейкіну трэба ўцерціся ў давер да багемных сяброў выклятага паэта – беларускіх мастакоў, рэжысёраў і кампазітараў.
На фоне прыгодаў капітана аўтар шчодра высмейвае так званую беларускую інтэлігенцыю па асобах і беларускі народ агульна. Аляксандр Саладуха, Андрэй Горват, Сяргей Календа, Андрэй Куціла, Віталь Рыжкоў – і іншыя «дзеячы культуры» з’яўляюцца героямі паэмы. Твор будзе цікавы найперш тым, хто стаміўся ад нудных тэкстаў па-беларуску і любіць захапляльныя гісторыі.
Валодаць замежнымі мовамі сёння неабходна і прэстыжна: англійскай, нямецкай, французскай, кітайскай. А роднай? Калі шчыра, каштоўнасць гэтага скарбу ўсведамляюць нямногія. На жаль. Мову вывучаюць у школе, нядрэнна разумеюць, але мала хто свабодна на ёй гаворыць і ёю карыстаецца. Прычыны гэтага называюць розныя: не хачу, не ўмею, саромеюся, баюся быць незразумелым ці якія іншыя.
Што можна зрабіць, каб падтрымаць беларускую мову хаця б раз на год? Прапануем тры лёгкія справы на сёння:
- Пачніце з беларускамоўнага вітання. Скажыце або напішыце «вітаю!», «добры дзень!», «як справы?» сябрам ды знаёмым.
- Скажыце «дзякуй» ды «калі ласка» на вучобе, працы ці дома.
- Напішыце па-беларуску каментары ў нашых групах у сацсетках