У кожнага рэгіёна, дзе ёсць суполка «Актыўным Быць Файна» – непаўторная гісторыя з’яўлення, станаўлення і развіцця. Гэтым разам размаўляем з Алесяй Аўласевіч, якая ў гэтым годзе была абранай старшынёй Гомельскага АБФ. Алеся стала сябрам арганізацыі ў 2017 годзе і адразу ўлілась у каманду, дзе расце разам з намі.
Што для цябе АБФ?
– Сапраўды, я ўжо даўно ў арганізацыі, але кожны раз адкрываю для сябе нешта новае: гурткі, цімбілдынгі, знаёмствы з новымі лідарамі ў розных гарадах, вандроўкі, з’яўленне новага рэгіёна Магілёва. З АБФ вам ніколі не будзе сумна, таму што невялікая арганізацыя на самой справе робіць вельмі важныя і вялікія справы. Я адчуваю сябе часткай моцнай супольнасці, якая не перастае мяне прыемна здзіўляць.
Як ты бачыш сябе ў арганізацыі ў будучыні?
– Я была бы вельмі рада навучаць новых лідараў гурткоў у нашым і іншых гарадах, дзяліцца з імі досьведам і распавядаць як зрабіць гурткі цікавымі і пры гэтым далучаць усіх удзельнікаў/-іц у працэс. Адрозненне гурткоў па шведскай методыцы ў Беларусі ў тым, што лідарам нашых гурткоў патрэбны час, каб зразумець, што не адны яны адказныя за працэс. У школе мы прызвычаіліся да фармальнай адукацыі, дзе ёсць настаўнік і вучні, а ў нефармальнай адукайцыі ёсць людзі, якія навучаюць адзін аднаго і з’яўляюцца часткай кожнай хвіліны гуртка.

З якімі складанасцямі, як старшыня рэгіёна ты сустракаешся?
– Цікавае пытанне, таму што складанасці павінны быць. Развіццё гэта калі ёсць уздымы і падзенні. Галоўная складансць для мяне, калі людзі спазняюцца на гурток ці ходзяць на яго гадамі і не маюць жадання ўдзельнічаць у жыцці арганізацыі. Для мяне гэта складана зразумець, мне падаецца, што проста «хадзіць» — ёсць цудоўны прыклад нашага спажывецкага стаўлення да жыцця.
А што трэба рабіць, каб гэтага не было?
– Навучаць людзей браць адказнасць, не баяцца выказваць сваё меркаванне і зразумець што такое салідарнасць. Мы самі вучымся быць такімі і я думаю, што з часам мы пераадолеем і такія цяжкасці.
Ці адчуваеш ты нейкую місію АБФ?
– Нефармальная адукацыя наша ўсё. Адукацыя, якая дасяжная для кожнага, дзе мы дзелімся ведамі. Мы ствараем прастору для тых, хто хоча расці ўвесь час. Мы аб’ядноўваем абсалютна розных людзей і вучымся ў іх. Тут няма дыскрымінацыі, ёсць роўныя правы і магчымасці.
Што цябе натхняе ў АБФ?
– Мяне натхняе падтрымка. Уявіце: цёплая ноч у невялічкім гарадку Швецыі, мы сядзім на вуліцы ў коле і разважаем аб тым, як зрабіць гурток лепей! Канешне, пра што яшчэ можна размаўляць пад светам чужых вокнаў? У той момант я зразумела, што нічога лепей за гэта няма, мы размаўляем аб тым, што можа зразумець толькі той, хто вядзе гурток і дзелімся набалелым, распавядаем пра свае поспехі і просім параду. Абалдзенна! Я бы магла сказаць, што мяне натхняюць людзі, з якімі мы на адной хвалі.
Што бы ты параіла тым, хто толькі плануе прыйсці на гурток АБФ?
– Можна шмат казаць аб плюсах нашых гурткоў, распавядаць пра методыку, паказваць водгукі, але трэба проста завітаць да нас. Абярыце гурток, тэматыка якога вам падабаецца, адгукаецца ў вас і прыходзьце. Калі ў вас з’явіцца жаданне распачаць свой гурток па тэме, якая вам блізка, то мы вам усяляк дапаможам і распавядзем як гэта зрабіць. Фота Юля Сакалоўская