Вс. 21 июля, 2024, 14:43
RussianBelarusianEnglishUkrainianSwedishLithuanian
RussianBelarusianEnglishUkrainianSwedishLithuanian
spot_img

Як АБФ Беларусь назірала за выбырамі ў Еўрапарламент

9 чэрвеня 2024 года ва ўсіх краінах Еўрапейскага саюза адбыліся выбары ў Еўрапарламент, і ў каманды АБФ Беларусь атрымалася таксама ў іх паўдзельнічаць. Праўда, не ў якасці кандыдатаў, але як назіральнікі за выбарамі ў Швецыі!

АБФ Беларусь - наблюдение за выборами в Европарламент в Швеции

У сераду 5 чэрвеня мы — прадстаўнікі АБФ у колькасці трох чалавек — прыбылі ў Стакгольм, дзе нас прывіталі супрацоўнікі Цэнтра Улафа Пальмэ, дзякуючы чыёй падтрымцы мы і прынялі ўдзел у праграме па назіранні. Цэнтр, што носіць імя былога прэм’ер-міністра Швецыі, чыё забойства дагэтуль адна з найбольшых таямніц у сучаснай шведскай гісторыі, — гэта нашыя даўнія партнёры, і менавіта таму мы адправіліся ў Швецыю, а не нейкую іншую краіну.

АБФ Беларусь - наблюдение за выборами в Европарламент в Швеции

Ужо ў першы вечар стала зразумела, наколькі міжнародная кампанія збіраецца пад дахам Цэнтра. Апроч беларусаў з некалькіх грамадскіх арганізацый, у праграме ўдзельнічалі людзі з усяго свету — не толькі з Еўропы, але і з Паўднёвай Амерыкі, Афрыкі, Азіі. Аднак беларусаў усё-такі была большасць, з 27 чалавек нас было ажно 9, і магчымую прычыну гэтага мы яшчэ закранём!

АБФ Беларусь - наблюдение за выборами в Европарламент в Швеции АБФ Беларусь - наблюдение за выборами в Европарламент в Швеции

Першы паўнавартасны дзень нашай праграмы мы пачалі з таго, што наведалі Цэнтр Улафа Пальмэ, які знаходзіцца ў тым жа будынку, што і стакгольмскі офіс сацыял-дэмакратычнай партыі Швецыі, паколькі менавіта гэтая партыя з’яўляецца адным з яго заснавальнікаў. Там нам распавялі пра тое, што нас чакае на працягу надыходзячых дзён, а потым менеджарка па камунікацыях сацыял-дэмакратаў Эмелі Шродар (Emelie Schröder) зрабіла нам прэзентацыю пра выбарчую кампанію сваёй партыі, іхнія мэты і выпрабаванні.

Пасля невялікага перапынку мы паехалі ў іншае месца, дзе мы правялі найбольшую частку нашага часу ў Стакгольме: офіс ForumCiv. Гэта шведская арганізацыя займаецца абаронай дэмакратычных прынцыпаў як у Швецыі, так і ў іншых краінах. На працягу ўсёй нашай вандроўкі там праходзілі лекцыі ад розных спікераў і спікерак, якія знаёмілі нас са шведскай палітычнай і выбарчай сістэмай, цяперашняй сітуацыяй палітычнага жыцця краіны і тым, як менавіта мы будзем назіраць за выбарамі.

АБФ Беларусь - наблюдение за выборами в Европарламент в Швеции АБФ Беларусь - наблюдение за выборами в Европарламент в Швеции

У нашую праграму ўвайшло і наведванне шведскага парламента, дзе Паўла Карвальё (Paula Carvalho) з сацыял-дэмакратаў паказала нам унутраную кухню падрыхтоўкі медыя-кампаніі сваёй партыі. Вядома, мы пабачылі і агітацыйную дзейнасць, бо ў некалькіх кропках Стакгольма чальцы партый расказвалі пра сваю выбарчую праграму мінакам і нават хадзілі па кватэрах і дамах!

Болей за тое, офіс шведскага ABF — таго самага, з якога ўсё і пачалося, — знаходзіцца літаральна насупраць офіса сацыял-дэмакратаў, таму ў вольную хвілінку мы туды зазірнулі, і добразычлівы вартаўнік дазволіў нам крыху даследаваць прастору. Нас сапраўды ўразілі маштабы, якіх дасягнула гэтая арганізацыя ў Швецыі, таму спадзяемся, што калісьці і беларуская галіна зможа так жа вырасці. Але ж вернемся да асноўнай мэты нашай паездкі!

Аманда Валянцін (Amandа Valentin), заснавальніца праграмы і арганізацыі VOS, што займаецца назіраннем за выбарамі ў Швецыю, распачала сваю дзейнасць у гэтай галіне 10 гадоў таму, паводле яе слоў, з пяццю беларусамі. Імаверна, менавіта таму так шмат нашых суайчынні_цпрынялі ўдзел і зараз — ужо правераныя часам і досведам.

АБФ Беларусь - наблюдение за выборами в Европарламент в Швеции

Праграма навучання назіральнікаў уключала ў сябе не толькі тых ўдзельнікаў і ўдзельніц, якія прыехалі пры падтрымцы Цэнтра Улафа Пальмэ, але і тых, хто прыехаў праз іншыя арганізацыі. Усяго ў праграме было звыш за 80 чалавек!

Адной з найцікавейшых рэчаў, пра якія мы пачулі, было тое, што традыцый назірання за выбарамі ў Швецыі доўгі час не існавала, ды і дагэтуль большасць шведаў нават не думаюць, што гэта можа спатрэбіцца. Усё праз тое, што шведская сістэма цалкам пабудаваная на даверы і амаль ніхто не сумняваецца ў сумленнасці вынікаў! Насамрэч, назіраць за выбарамі можа хто заўгодна, паколькі нейкага асобнага юрыдачнага статусу назіральніка там проста не існуе.

Аднак Аманда справядліва лічыць, што нават самую надзейную сістэму варта правяраць, і падчас сваёй дзейнасці на папярэдніх выбарах назіральнікі сапраўды заўважалі парушэнні, хоць і надта дробныя ў параўнанні з некаторымі іншымі краінамі. Таму ў суботу мы падзяліліся на каманды па 6-7 чалавек, атрымалі інструкцыі, а ў нядзелю 9 чэрвеня мы нарэшце прыняліся за працу!

У нашую задачу ўваходзіла абысці з дзясятак будынкаў, дзе знаходзіліся выбарчыя ўчасткі, і паглядзець на тое, што там адбываецца, на працягу 20 хвілін. Усе тыя месцы, што трапіліся нам, былі школамі, але, у адрозненні ад, напрыклад, Беларусі, у адной школе магло знахадзіцца да дзесяці розных ўчасткаў, таму нашая вялікая каманда з 7 чалавек дзялілася на драбнейшыя дзеля большага пакрыцця. Атмасфера была вельмі спакойнай. Адзін з чальцоў нашай каманды, амерыканец, які паспеў пажыць у шасці пост-савецкіх краінах, сказаў, што гэта было самае ненапружанае назіранне ў яго жыцці. І мы не можам не пагадзіцца!

АБФ Беларусь - наблюдение за выборами в Европарламент в Швеции АБФ Беларусь - наблюдение за выборами в Европарламент в Швеции

Чальцы выбарчых камісій амаль заўсёды ставіліся да нас добразычліва і часам нават чакалі нас і рыхтавалі нам месцы! Некаторыя, вядома, былі болей падазроннымі, але ніколі не варожымі. Без сумневаў, нас былі радыя бачыць значна часцей чым не. Адзін старшыня камісіі, даведаўшыся, што мы з Беларусі, раптам сказаў, што бываў у Наваполацку. Адной з нашых інструкцый было, каб мы не адцягвалі ўвагу працаўнікоў камісій, але шмат хто з іх быў зацікаўлены ў нас, і мы не маглі трохі не паразмаўляць з імі пра ўсё тое, што адбываецца.

Паназіраўшы да восьмай гадзіны вечара, мы вырашылі, што сабралі дастаткова інфармацыі, зрабілі перапынак на вячэру, а потым панеслі вынікі нашай працы да арганізатараў, дзе прадстаўнік кожнай каманды мусіў коратка расказаць пра свае ўражанні і перадаць нашыя паперы са справаздачай. Для тых, хто вельмі жадаў, была магчымасць і прысутнічаць на падліку галасоў на якім-небудзь участку, але нашая каманда вярнулася ў Цэнтр Улафа Пальмэ, каб з усімі астатнімі глядзець на рэзультаты па тэлебачанні. Туды да нас завітвалі і некаторыя з кандыдатаў ад сацыял-дэмакратаў, і нават мэр Стакгольма! Той вечар атрымаўся сапраўды шчаслівым для сацыял-дэмакратычнай партыі: яна павялічыла сваю долю выбаршчыкаў і набрала амаль 25% галасоў, такім чынам застаючыся самай буйной партыяй са Швецыі ў Еўрапарламенце. Такі поспех не мог не прывесці да велізарнага святкавання ў офісе партыі, але такія падрабязнасці там жа і застануцца!

Latest Posts

Мы в соцсетях

Не пропустите

Оставайтесь на связи

Чтобы быть в курсе всех последних новостей, предложений и специальных объявлений.