Май — гэта не проста вясна і кветкі. Для нас, у АБФ, май — гэта месяц, калі асабліва гучна адгукаюцца тыя каштоўнасці, якімі мы жывём штодня. Праз гурткі, праз навучанне, праз падтрымку і супольнасць. Гэта каштоўнасці свабоды, роўнасці, салідарнасці і годнасці. Май сабраў у сабе шмат дат, што дапамагаюць нам задумацца пра тое, кім мы ёсць і чаму працягваем трымацца дэмакратычнага шляху — нават калі ён складаны.
1 мая — Дзень працы і салідарнасці

Гэта свята прыйшло да нас яшчэ з XIX стагоддзя — калі працоўныя змагаліся за 8-гадзінны працоўны дзень. І хоць сёння выклікі змяніліся, сутнасць застаецца: праца павінна быць годнай, а чалавек працы — паважаным.
Для АБФ гэта таксама дзень, калі мы гаворым пра салідарнасць. Мы падтрымліваем тых, хто мае менш магчымасцяў. Мы вучым людзей аб’ядноўвацца, каб дамагацца лепшых умоваў жыцця і працы. Нашы гурткі — гэта пра роўнасць: ты не абавязкова эксперт:ка, каб сказаць важнае, усе галасы маюць вагу. Мы вучымся дзяліць адказнасць, бачыць адзін аднаго і падтрымліваць.
3 мая — Сусветны дзень свабоды прэсы

Свабода слова — гэта не раскоша. Гэта аснова дэмакратыі. У Беларусі, на жаль, незалежная журналістыка стала рызыкоўнай прафесіяй. Шматлікія журналісты і журналісткі былі арыштаваны, вымушаныя эміграваць, прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» толькі за тое, што казалі праўду.
АБФ заўсёды падтрымлівала ідэю адкрытага, сумленнага дыялогу. Нашы гурткі — пра тое, каб вучыцца слухаць, гаварыць і паважаць розныя пункты гледжання. І нават калі мы не СМІ, мы вучым людзей самастойна ацэньваць інфармацыю, крытычна мысліць і быць уважлівымі да мовы, якую выкарыстоўваем.
5 і 9 мая — Дні Еўропы

У Еўропе 5 мая адзначаецца Дзень Рады Еўропы, а 9 мая — Дзень Еўрапейскага саюза. Абодва дні — пра мір, дэмакратыю, правы чалавека. Гэта даты, што ўзніклі пасля Другой сусветнай вайны, як адказ на жахі фашызму, каб ніколі зноў.
Для тысяч беларусаў і беларусак, якія пасля падзей 2020 года вымушана апынуліся ў Еўропе, Дні Еўропы сталі часткай новай рэальнасці — новых гарадоў, новых суседзяў, новых традыцый. Але гэтыя дні — яшчэ і сімвалы надзеі: яны нагадваюць, што існуюць краіны, дзе дзейнічае закон, дзе людзей не караюць за іншадумства, дзе ўлада паважае сваіх грамадзян. І гэта тое, на што мы таксама маем права як народ.
АБФ у сваёй працы натхняецца каштоўнасцямі еўрапейскіх супольнасцей: узаемапавагай, удзелам, празрыстасцю і правамі чалавека. Нашы гурткі — гэта маленькія Еўропы: у іх усе маюць права на голас, на памылку, на пошук.
8 і 9 мая — Дзень памяці і прымірэння

Гэта дзені, калі свет узгадвае заканчэнне Другой сусветнай вайны. Дзень памяці ахвяраў і тых, хто змагаўся з фашызмам. Беларусь — адна з краін, якая панесла страшныя страты: мільёны загінулых, сотні спаленых вёсак, амаль кожная сям’я закранутая трагедыяй.
Але памяць — гэта не толькі пра мінулае. Гэта напамін: дэгуманізацыя, нянавісць, дыктатура заўсёды пачынаюцца з мовы, з адмаўлення разнастайнасці, з прыбірання «нязручных». Таму мы выбіраем іншае. Мы выбіраем вучыць мірнаму супольнаму жыццю, дзе кожны чалавек важны.
15 мая — Міжнародны дзень сям’і

У АБФ мы глядзім на сям’ю шырэй. Гэта можа быць біялагічная сям’я, але таксама гурток, супольнасць, сябры, з якімі ты адчуваеш сябе ў бяспецы. Для многіх нашых удзельнікаў і ўдзельніц гурток — гэта першае месца, дзе іх сапраўды слухаюць, не асуджаюць, дзе можна быць сабой. Сям’я — гэта людзі, якія прыймаюць, разумеюць і падтрымліваюць у незалежнасці ад кроўных адносін.
Мы лічым, што дэмакратыя пачынаецца дома — у адносінах, у тым, як вырашаюцца спрэчкі, як прымаюцца рашэнні. Таму так важна вучыцца здаровым адносінам, без гвалту і прымусу.
17 мая — Дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй

Мы жывем у грамадстве, дзе адрозненне часта становіцца падставай для агрэсіі. АБФ адназначна стаіць на баку тых, каго выключаюць, хто баіцца жыць адкрыта. У нашых гуртках мы вучым інклюзіі, дзе няма «нармальных» і «ненармальных» людзей, а ёсць розныя — і гэта добра.
Свабода быць сабой — адна з асноўных дэмакратычных каштоўнасцяў. І ў нашых гуртках яна рэалізуецца штодня — праз безумоўную павагу і права чалавека на самавызначэнне.
21 мая — Дзень культурнай разнастайнасці

Мы працуем з людзьмі, якія прыехалі з розных гарадоў, з розных краін, з розным досведам і траўмамі. Разнастайнасць — не праблема, а скарб. Але, каб ім карыстацца, трэба вучыцца слухаць, быць адкрытым, мець інструменты для дыялогу.
У АБФ гурткі — гэта практыка міжкультурнага зносін, без ментарытэту і «правільных» адказаў. Мы верым, што разнастайнасць узбагачае, а не пагражае.
Май — гэта мы

Кожнае з гэтых свят — гэта не проста дата. Гэта напамін, што дэмакратыя — не аўтамат. Яна патрабуе ўдзелу, супраціву, увагі і далікатнасці. І яна пачынаецца ў маленькіх супольнасцях, дзе людзі вучацца слухаць адзін аднаго, прымаць рознасць, несці адказнасць і падтрымліваць слабейшых. Мы ў АБФ — якраз пра гэта. І таму май — наш месяц. Бо кожны яго дзень — нагода яшчэ раз сказаць: мы выбіраем свабоду, роўнасць, салідарнасць і чалавечнасць.
