У самы разгар новай хвалі эміграцыі, выкліканай прынятым у Сакартвэла законам аб замежных агентах, насуперак усім абурэнням, абвалу планаў у толькі б, здавалася, усталяваўшымся жыцці ў новай краіне, мы, нашым невялічкім кам’юніці, вырашылі правесці лютую вечарыну – Паці на хаце ў АБФ.
Праграма была насычаная: адкрыццё Гарадскога гароду і фотавыставы гуртка “Фоталабараторыя”, арт-бомбінг мэблі, фуршэт-сюрпрыз і ячшэ некалькі пунктаў, якія мы не паспелі зрабіць, але намецілі на наступны раз 😉
Гарадскі гарод – гэта стварэнне высокіх градак у гарадскім асяроддзі, якія дазваляюць вырошчваць зеляніну і гародніну не згінаючыся, а стоячы над глебай, а таксама знаёміцца і гутарыць з суседзями, гадуючы разам уласны ўраджай.
Памідоры, перац, капуста, цыбуля, цукіні і нават лекавая календула – першыя саджанцы, якія мы разам пасадзілі. Насенне было карпатліва сабрана і прывезена з розных краін свету ўдзельніцамі нашага гароду.
Яшчэ адной яркай падзеяй стала адкрыццё фотавыставы. Вось што кажа лідарка гуртка “Фоталабараторыя”, спадарыня Мікола:
«Дзякуй вялікі сябрам, якія зладзілі і паўдзельнічалі ў гэтай цудоўнай вечарыне! Яна атрымалася вельмі цёплая і ўтульная. Хаця ў батумскім офісе АБФ заўсёды так)))
Вельмі радая, што мы нарэшце афіцыйна адкрылі фотавыставу, якая была запланаваная як вынік і кропачка нашай «Фоталабараторыі». Прайшло шмат часу з моманту, калі мы пачалі яе рыхтаваць. І вялізны дзякуй дзяўчатам, што прыклалі свае сілы, увагу і вольны час, каб яе зрабіць. І вось на вечарыне яна афіцыйна адкрылася свету, і цяпер можна з аблягчэннем выдахнуць, бо ўсе справы завершаныя)) Мы добра папрацавалі на гуртку, рабілі ўсякія крутыя практыкі, але гэта толькі малая частка таго, што можна рабіць у накірунку фатаграфіі. Мне падабаецца думаць, што ў любы момант у АБФ можа з’явіцца «Фоталабараторыя 2.0» 🙂
Яшчэ ў нас сабралася суупер-крутая каманда. Дзяўчынкі такія адказныя і натхнёныя. У АБФ прынята мець лідараў і лідарак на гуртках, але я б сама сябе так не называла, у нас сапраўды склалася ўсё даволі гарызантальненька, і гэта заслуга кожнай.
Яшчэ вялікі дзякуй за дранікі ўва дворыку — гэта дакладна адправіцца ў капілку цёплых батумскіх успамінаў. Дзякуй яшчэ раз усім 🧡»
Сама вечарынаа стала вынікам сумесных намаганняў усіх чальцоў і чалінь нашай суполкі. Мы ўдыхнулі новае жыццё ў нашу офісную мэблю, размаляваўшы яе балонамі з фарбай, атрымалася вельмі прышпільна!
Апагеем паці стаў фуршэт-сюрпрыз ад Дашы, якая прывезла з сабой пераносную блінніцу і смажыла дзярўны проста на двары перад уваход у АБФ. Усе былі ў шоцэ (прыемным, канешна ж), а жыхары дому, праходзячы міма казалі: “ууу…беларусамі пахне”))
Музычнае суправаджэнне мерапрыемства ўзяў на себя DJ Love Hank за што яму вялікі дзякуй! Паці скончылася мікра-рэйвам, дзе усе хто хацелі – шчыра паплясалі!
У гэтым нестабільным свеце, поўным перамен і трывожных навін, нам удалося стварыць прастору, у якой мы былі (і з усіх сіл працягваем намагацца быць) шчаслівымі і бестурботнымі, як дзеці. Кожны чалавек прыўнёс у гэтае цэлае нешта ад свайго сэрца, зрабіўшы свой унёсак у сапраўды незабыўную падзею.
Сяргей, удзельнік паці:
«Наведаў у нядзелю “Паці на хаце” ў АБФ і павінен адзначыць, што гэта было лепшае мерапрыемства ў Батумі як мінімум за апошнія два месяцы! Агулам мы разбамбілі мэблю вясёлымі малюнкамі, палілі агарод, перазнаёміліся з добрымі людзьмі, якіх прыйшло зашмат 👍🏻 Вялікі рэспект і падзяка да Dj Дзміцера, які круціў нам дыскі, ды канешне да Dj Дашы, якая круціла нам дранічкі)))🫶🏻 Зрабілі найцудоўнейшы настрой!»